» » » "Разве ты конь, Леня?" 56-летний лидчанин пробежал 600 километров в шестисуточном ультрамарафоне

"Разве ты конь, Леня?" 56-летний лидчанин пробежал 600 километров в шестисуточном ультрамарафоне

28 февраля, 19:27     1 467     0     Новости Лиды / Люди   

"Разве ты конь, Леня?" 56-летний лидчанин пробежал 600 километров в шестисуточном ультрамарафоне

56-гадовы Лявон Анацка ў Лідзе — фігура прыкметная. Размаўляе выключна на беларускай мове, а яшчэ шмат бегае. Дабегаўся да другога месца на міжнародным ультрамарафоне ў Афінах, які прайшоў 25 студзеня. Лявон выступаў у шасцісутачным забегу і пераадолеў за гэты час 602 кіламетры. Вырашыў, што трэба папулярызаваць такі бег у нас, і пачаў прасоўваць ідэю зрабіць першы ў Беларусі ўльтрамарафон, які, дарэчы, пройдзе 2−4 сакавіка ў Лідзе.

Мы сустракаемся з Лявонам у гарадскім парку. Менавіту тут ён і праводзіць свае трэніроўкі. Праўда, прызнаецца, што рыхтавацца да лідскага забегу ў апошнія дні не выпадае. Няма часу — увесь у арганізацыйных пытаннях. Кажа: добра, што вы прыехалі, — будзе незапланаваная трэніроўка.

Першыя забегі здзейсніў у лідскіх красоўках
Халоднае надвор’е для Лявона не праблема. Здаецца, ён проста не заўважае мароз. Шпарка пераапранаецца ў красоўкі, паралельна распавядае, што абутак для доўгіх марафонаў вельмі важны. Хаця першыя свае забегі здзейсніў у лідскіх красоўках. Потым пашкадаваў - усе ногі былі ў мазолях. Наступныя выбіраў з розумам, прачытаўшы шмат водгукаў. Дарэчы, працуе Лявон на лідскай абутковай фабрыцы рабочым.

— Я ж патрыёт свайго прадпрыемства, таму вырашыў, што бегаць буду ў нашым абутку. Дарма, — усміхаецца.

Ён увогуле ўвесь час смяецца і балагурыць. У нейкі момант мы нават пытаемся, ці бывае ў яго дрэнны настрой. Кажа, што бывае. А каб не было — трэба бегаць.

— Прабягу, падумаю аб нечым. Спачатку праблемы сам з сабою пачынаю вырашаць, а потым заўважаю, што думкі накіроўваюцца ў іншы, больш пазітыўны бок, а па сканчэнні дыстанцыі - ужо добры настрой. Так і жыву, — гаворыць Лявон. А потым бяжыць. Памахаў з мастка і накіраваўся на другі бераг рэчкі. Мы ж засталіся чакаць спартоўца і мёрзнуць у парку. А яму — нічога. Бяжыць, усміхаецца, вітаецца з мінакамі.

«Можа, Ліда стане вядомым спартовым цэнтрам і да нас будуць прыязджаць ультрамарафонцы»
Бегаць Лявон пачаў у 2015 годзе. Да гэтага часу спортам займаўся, «як прыйдзецца», а ў дзяцінстве яшчэ і хварэў шмат. І толькі пасля 50 гадоў задумаўся аб сваім узросце і аб тым, што трэба пражыць як мага больш. І пачаў бегаць. Размінка — хуткая хада па горадзе. Бывае, 35 тысяч крокаў находзіць.

За плячыма ў Лявона ўдзел у шматлікіх еўрапейскіх ультрамарафонах. Напрыклад, у Празе ён пераадолеў за два дні 256 кіламетраў, а ў Англіі на чэмпіянаце свету прабег 165 кіламетраў за суткі. Сярод 400 удзельнікаў ён быў адзіны з Беларусі. У сваёй узроставай катэгорыі стаў чацвёртым. Афінскі марафон, канешне, адзін з самых запамінальных.

Ультрамарафон — гэта спаборніцтвы на звышдоўгія дыстанцыі. Траса можа быць пракладзена дзе заўгодна: у гарах ці пустыні. Працягласць трасы — абавязкова больш за 42,195 км і далей без абмежаванняў. Ультрамарафон адносіцца да дысцыплін лёгкай атлетыкі, якія не ўключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў. Аднак сусветныя рэкорды фіксуюцца з 1984 года Міжнароднай асацыяцыяй ультрамарафона. Спартоўцы бягуць ці на час (напрыклад, 24 ці 48 гадзін), ці пераадольваюць адлегласць (50, 100 і больш км).

— Ён праходзіў у прыгарадзе Афін. Бегалі па коле працягласцю кіламетр. У шасцісутачным забегу нас стартавала 6 чалавек, і яшчэ 2 — на тысячу міль. За першы дзень я прабег 130 кіламетраў, потым адпачыў. Другі дзень — трохі менш, усяго 90 кіламетраў. За пяць сутак — 502 кіламетры. Потым яшчэ сотачка. На другія суткі стала дастаткова цяжка, але на чацвёрты дзень адкрылася другое дыханне, з’явіліся сілы, і фінішаваў я нават бегам. А на наступны дзень яшчэ пайшоў вандраваць па горадзе, —
распавёў Лявон пра марафон і зноў пабег па парку.

Калі вяртаецца, расказвае ўжо другую гісторыю, зноў жа з усмешкай — як атрымліваў візу ў Вялікабрытанію.

— Гэта было смешна. Заробак у меня не надта вялікі. Пачаў запаўняць анкету, а там пытанні пра тое, колькі зарабляеш. Атрымалася 105 фунтаў на іх грошы. Гэта дзённы заробак спецыяліста, які прымае дакументы. Але я вырашыў напісаць літаральна пра ўсё: што маю два надзелы зямлі, кватэру і на рахунку ў банку ёсць якія-ніякія грошы. Зараз, канешне, іх менш — бо выдаткаваў шмат на ўдзел у ўльтрамарафонах. Візу атрымаў. Прабыў у Англіі дастаткова часу — бегаў у Лондане на Раство, а потым перабраўся ў Барселону — там таксама быў забег. Больш за месяц не быў у хаце.

Калі вярнуўся, працягвае распавядаць Лявон, цвёрда вырашыў, што роднаму гораду таксама патрэбныя такія спаборніцтвы. Пайшоў да кіраўніцтва, так і закруцілася.

— Дарэчы, усе падтрымалі ідэю, і сумеснымі высілкамі маем надзею правесці першы спартовы фэст, дзе ўдзельнікі будуць бегаць 12, 24 і 48 гадзін. Да ўдзелу дапускаюцца ўсе жадаючыя ва ўзросце ад 18 гадоў. А потым… Потым хочацца выставіць каманду Беларусі на якім-небудзь вядомым ультрамарафоне, каб годна прадставіць сваю краіну. А можа, і Ліда стане нейкім вядомым спартовым цэнтрам і да нас будуць прыязджаць ультрамарафонцы з усяго свету.

Валацуга і дзівак, якому вельмі мала трэба ў жыцці
Сябе Лявон называе валацугай і дзіваком. Кажа, што любіць бадзяцца па новых гарадах, а начаваць можа нават на вуліцы ці вакзале. Распавядае, як у Англіі пазнаёміўся з бадзяжнымі людзьмі, а валанцёры, якія іх кормяць, прынялі яго таксама за мясцовага бамжа. Прыйшлося доўга, пры дапамозе жэстаў, бо Лявон замежных моў не ведае, тлумачыць, што ніякі ён не бяздомны, а проста стомлены спартовец-марафонец.

— Так і жыву. На самай справе, мне вельмі мала патрэбна ў гэтым жыцці. Для трэніроўкі - толькі добры абутак ды месца, дзе можна бегаць. Ем я простую ежу. Зараз прытрымліваюся вегетарыянства. Пасля мяса цяжка бегаць. Аддаю перавагу розным кашам, арэхам, садавіне ды гародніне, — кажа Лявон і вырашае, што пасля сваёй невялікай прабежкі трэба яшчэ басанож прайсціся па снезе, «каб нагам стала добра». Некалькі хвілін гойсае па сугробах, здзіўляючы мінакоў.

— Мне зусім не холадна, — зноў усміхаецца.

— Што ж трэба, каб пачаць бегаць і дасягнуць падобных вынікаў?

— Трэба проста быць шчаслівым. Вось я люблю ўсіх навокал. А яшчэ трэба ўмець быць удзячным. Вось, напрыклад, мы разышліся з жонкай (хто ж такога валацугу вытрымае?), а я вельмі ёй удзячны за ўжо дарослых дзяцей і за тое, што былі разам. Вось сёння я вельмі радуюся сонцу і марозу.

Што ж тычыцца непасрэдна бегу, то тут Лявон раіць пачынаць вельмі павольна.

— На спаборніцтвах я стартую не вельмі хутка, а потым, праз некалькі гадзін, адкрываецца нейкае другое дыханне. У гэты час твае канкурэнты ўжо вырашаюць трохі спыніцца, паесці, паспаць (гэта дазволена рэгламентам на такіх доўгіх дыстанцыях), а ты ў гэты час бяжыш.

Праўда, распавядаючы пра падрыхтоўку да ўльтрамарафона, Лявон становіцца сур’ёзным і кажа, што такія спаборніцтвы — гэта не жарт і рыхтавацца ўсё ж прыйдзецца.

— Яны патрабуюць вялікай сілы волі і цярпення. Нельга да гэтай дыстанцыі ставіцца несур’ёзна. Важна ўлічваць шмат дэталей: падрыхтоўку, харчаванне, экіпіраванне і сваё самаадчуванне. Калі млосна — спыніцца. Доўгія забегі, вядома, шкодныя для суставаў, звязак і цягліц, але яны вельмі добрыя для псіхалагічнага стану чалавека. Але асабіста я не пачуў, каб майму арганізму стала неяк горш. Яшчэ трэба памятаць пра грашовыя ўнёскі за марафоны. За тры гады я «набегаў» прыкладна на пяць тысяч долараў. Гэта квіткі, жыллё, харчаванне, адмысловая страхоўка.

— У чым жа сакрэт менавіта вашай трываласці?

— Не ведаю. Мая маці заўсёды казала: «Хіба ты конь, Лёня?». Я ў сваім жыцці ва ўсіх сферах такі несуцішны. Мне трэба ўсяго і пабольш.

Источник: Tut.by
Фото: Tut.by

Комментарии:

Оставить комментарий